ДЗЯРЖА́ЎНЫ ДЖАЗ-АРКЕ́СТР БССР,
першы прафесійны джазавы калектыў Беларусі. Створаны ў 1939 у Беластоку як Беластоцкі тэатралізаваны джаз Ю.Бяльзацкага, з 1.1.1940 Дзярж. джаз-аркестр пад кіраўніцтвам Э.Рознера. Адзін з лепшых джаз-аркестраў б. СССР 1940-х г. У складзе аркестра напачатку пераважалі прафес. музыканты — эмігранты з краін Зах. Еўропы, у асн. з Польшчы. Першыя канцэрты адбыліся ў Мінску ў крас. 1940, потым у Маскве, у т-ры саду «Эрмітаж» і інш. У складзе аркестра ў розны час працавалі спевакі Р.Камінская (жонка Рознера), З.Ларчанка, Л.Лямпель, А.Гольдберг, кампазітар і спявак А.Гарыс, трубач і паэт Ю.Цэйтлін, тэнар-саксафаніст Т.Лявіцін, скрыпач П.Гофман, піяніст А.Дабрушкес, гітарыст Л.Маркевіч. У рэпертуары пераважалі творы, напісаныя ўдзельнікамі калектыву: «Слава табе, Беларусь!» Бяльзацкага, «Каўбойская», «Мандаліна, гітара і бас», «На палянцы» Гарыса, танга «Навошта смяяцца, калі сэрцу балюча» Рознера (усе на сл. Цэйтліна) і інш. Найб. папулярнасць прынёс аркестру ўдзел у фільме «Канцэрт-вальс» (1941). З пач. Айч. вайны калектыў выступаў на Урале, у Сібіры, Сярэдняй Азіі. У 1942 14 музыкантаў пайшлі на фронт. З канца 1942 аркестр выступаў у вайск. часцях, у т.л. на перадавой, перад войскамі Бел. фронту і інш. У 1944—45 праведзена вял. праца па запісе твораў у выкананні джаз-аркестра на грампласцінкі (усяго 43). У 1946 Рознер і Камінская арыштаваны, у 1947 аркестр расфарміраваны.
Я.З.Басін.
т. 6, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)